У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся малады чалавек, які адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў, бо зрабіў гэта год таму. У выніку яго ў кайданках прывезлі ў пастарунак.
«Мяне вывалаклі з машыны, надзелі кайданкі, адвезлі ва Упраўленне ўнутраных спраў і «адкаталі» гвалтоўна, вось і ўсё. У цэлым сітуацыя такая, што «адкатаюць» ва ўсіх любымі спосабамі. Да гэтага да мяне прыходзілі дадому, але я лічу, што яны не маюць права дактыласкапаваць мяне, бо рабілі гэта яшчэ год таму», — распавядае малады чалавек, які працуе доктарам у адной з мінскіх бальніц.
На думку кіраўніка службы інфармацыі мінскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, сталічныя праваахоўнікі не маглі без падставаў ужываць сілу. Відаць, чалавек не хацеў добраахвотна ехаць здаваць адбіткі пальцаў. Паводле закона ўсе ваеннаабавязаныя павінны прайсці гэтую працэдуру, таму супрацоўнікі міліцыі мелі права даставіць такога чалавека ў пастарунак, перакананы Ластоўскі.
«Я вас упэўніваю: ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не будзе перавышаць свае паўнамоцтвы. Надзець кайданкі і вылецець з працы, пазбавіцца заробку — навошта?» — каментуе Ластоўскі, аднак не змог адказаць, па якой прычыне чалавека ў другі раз могуць выклікаць на дактыласкапію.
Яшчэ 14 лістапада некаторыя сайты паведамілі пра збіццё міліцыяй Філіпа Кірдуна, які адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў з-за рэлігійных поглядаў.
Аднак Упраўленне ўласнай бяспекі МУС правяло праверку. Згодна з версіяй міліцыі, Кірдун аказаў непадпарадкаванне. Таму міліцыянты мелі права надзець на яго кайданкі. Пасля суд прызначыў яму штраф 750 тысяч рублёў.
«Канкрэтна адказнасці за адмову ад дактыласкапіі няма. Але ў суды зараз накіроўваюцца адміністрацыйныя пратаколы за невыкананне законных патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі. Калі вы адмаўляецеся, дык вы не выконваеце закон. Таму што гэта не проста так міліцыянт хоча, гэта згодна з законам. І калі суды праходзяць, а яны праходзяць, дык гэта 700 тысяч штраф», — гавораць Еўрарадыё ў прэс-службе гомельскай міліцыі.
“Адкатаць” пальцы Юрасю Губарэвічу з Руху «За Свабоду» у міліцыі не атрымліваецца. Афіцыйную позву яму не афармляюць, а сам ён ісці не спяшаецца, пакуль не будзе позвы. Таму яго шукаюць, але не могуць знайсці. Губарэвіч часта бывае за мяжой, вось і зараз Еўрарадыё заспела яго на варшаўскім вакзале.
«Зараз супрацоўнікі міліцыі спрабуюць мяне шукаць па розных адрасах і ў Белаазёрску, і ў Мінску. Пакуль беспаспяхова».
Часовы выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі паведаміў, што дактыласкапію не прайшлі яшчэ 37 тысяч чалавек. Большасць з іх працуюць за мяжой. У планах міліцыі «адкатаць» пальцы ў іх да канца года.
Крыніца: http://euroradio.fm