14 красавіка бабруйскага актывіста зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронта” Максіма Чарняка выклікалі на размову да следчага. Апошнім часам хлопца даволі часта выклікаюць у РАУС. Падставай стала падазрэнне ў крадзяжы, якога ён не здзяйсняў.
— Зараз ужо разабраліся, што гэта не я скраў, — распавядае Максім Чарняк. – Але, тым не менш, увагі з боку міліцыі да мяне шмат. Пару дзён таму прыходзілі ў коледж, дзе я навучаюся, але мяне там не было. Сёння выклікалі, каб другі раз за сем дзён ўзяць адбіткі пальцаў. Следчая Ганна Духоўская, акрамя справы па крадзяжы, цікавілася, з кім я стасуюся.
Таксама Максім адзначыў, што следчая цікавілася яго захапленнем капальніцтвам.
— Я нагадаў, што металашукальнікі прадаюцца ў нашай краіне свабодна, не на “чорным рынку”, — адзначае маладафронтавец. – Ды і ў забароненых для капання месцах, такіх як курганы, могілкі, месцы баявых дзеянняў і гэтак далей, я не капаю, закон не парушаю.
Адкуль: Праваабарончы цэнтр «Вясна», “Праваабарончая хроніка”