У Вялейцы засудзілі за адмову здаць адбіткі пальцаў. Суддзя Борыс Таццяна прызначыла штраф ў памеры 30 базавых велічынь — 1 мільён 50 тысяч беларскіх рублёў. Абвінавачаны Валянцін Сусла лічыць прысуд незаконным і будзе абскарджваць яго ў вышэйшых інстанцыях.
Гэтая гісторыя пачалася, калі Валянціна Суслу прымусілі даваць тлумачэнні з нагоды таго, што яго тэлефон быў у цэнтры Менску 19 снежня 2010 года. Не знайшоўшы ў яго дзеяннях нічога супрацьпраўнага, міліцыянты вырашылі ўзяць у яго адбіткі пальцаў, але ад добраахвотнай дактыласкапіі Валянцін адмовіўся. Пра гэтую адмову яго прымусілі адразу напісаць тлумачэнне.
14 красавіка на працу Валянціну Суслу прыйшоў выклік у міліцыю. Але тая «павестка» была складзена з парушэннямі, бо у графе «у якасці каго выклікаецца» было напісана «для здачы адбіткаў пальцаў», але такой юрыдычнай якасці не існуе, і фактычна гэта была не павестка ў юрыдычным сэнсе. Да таго ж, выклік на працоўнае месца ў Менску прыйшоў толькі за 2 гадзіны да часу, у ім указанага. Таму Валянцін Сусла па тэлефоне дамовіўся з участковым Дурэйкам Юрыем, што прыедзе на наступны дзень — у суботу. А ў суботу, калі Валянцін да Дурэйкі прыйшоў, той сказаў, што «пратакол аб правапарушэнні ўжо адпраўлены ў суд».
Суд пачаўся ў 10.40 і доўжыўся паўтары гадзіны. Па словах Валянціна Суcлы, ўсё выглядала так, нібыта рашэнне аб прысудзе ўжо было прынята загадзя. Абвінавацілі яго па артыкуле 23.4 КаАП — за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню афіцыйнай асобе. Гэты артыкул прыйшлося прыцягнуць, бо за адмову здаваць адбіткі ніякай адказнасці не прадугледжана.
Пад час разгляду справы былі высветлены цікавыя акалічнасці, датычныя працэдуры дактыласкапіі. Зборам адбіткаў пальцаў у Вялейскім РАУС займаюцца ўсе, незалежна ад кваліфікацыі, у тым ліку і стажоры. Дактыласкапуюць ва ўсіх кабінетах, а не ў адмысловым памяшканні. У брата Валянціна адбіткі здымалі ўвогуле дома! Якім чынам забяспечвалася іх бяспечная транспарціроўка, абсалютна незразумела.
Пад час паседжання суда так і не была пераканаўча даказана віна Валянціна Суслы. Ён сцвярджае, што будзе асбкарджваць гэты прысуд у вышэйшым судзе.
Спасылка на навіну: http://vialejka.org/2894-miljon-za-palcy.html