У Гродне пачаўся адміністрацыйны працэс над Уладзімірам Фененкам, якога абвінавачваюць нібыта ў непадпарадкаванні законным дзеянням міліцыі.

Канфлікт паўстаў, калі прадстаўнікі міліцыі па тэлефоне патрабавалі ва Уладзіміра Фененкі, каб ён тэрмінова прайшоў абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. Крыху пазней з’явіўся завочна складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пра гэта Фененка даведаўся толькі ў судзе, папрасіўшы пераносу разгляду сваёй справы, піша ПЦ «Вясна».

Сёння, 4 красавіка, суддзя Мікалай Сяргейка, нягледзячы на хадайніцтва Уладзіміра Фененкі і патрабаванні тых, хто прыйшоў яго падтрымаць, каб працэс быў адкрытым, зрабіў яго фактычна закрытым. У маленькім кабінеце суддзі не знайшлося месца ні для гарадзенскіх праваабаронцаў, ні для тых, хто прыйшоў і прыехаў падтрымаць падсуднага. Старшыня суда Ленінскага раёна таксама не захацела прымаць людзей па гэтым пытанні, спаслаўшыся на тое, што яна нічога не можа зрабіць, паколькі працэс ужо пачаўся.