Яна робіцца па загадах начальства, плянава й мае канкрэтныя тэрміны, даводзіца — у выглядзе дадатковай абавязковай нагрузкі й разьмяркоўваецца па розных сьледчых (!?) Так, начальства Жодзінскага ГАЎС загадала сьледчаму Цюльманкову да 01.04.2011 (!?) атрымаць адбіткі пальцаў у праваабаронцы А.Лапіцкага.

Як паведамляе актывіст ПЦ “Вясна” Аляксей Лапіцкі, а 18-00 24.03.2011 сьледчы па крымінальных справах Жодзінскага ГАЎС Цюльманкоў затэлефанаваў яму ў сувязі з неабходнасьцю тэрміновага праходжаньня абавязковай дактыляскапіі, якую супрацоўніку міліцыі даручылі зьдзейсьніць да 01.04.2011 па сьпісе, у якім апошнім застаўся толькі А.Лапіцкі.

Як і ў мінулы раз (14.02.2011) ён зноў нагадаў пра выпадак адміністратыўнага пакараньня асобы, якая адмаўлялася ад абавязковай дактыляскапіі ў Жодзіне. Паспрабаваў высьветліць актуальны нумар мабільнага тэлефону правабаронцы, каб ня мець праблемаў з складаньнем адміністратыўнага пратаколу па адмове А.Лапіцкага “выканаць законныя патрабаваньні міліцыі”.

У адказ Аляксей Лапіцкі заявіў, што ён жадае зрабіць дактыляскапію дабраахвотна, а таксама ў любы абраны ім самім час. Бо аніякіх тэрмінаў для гэтага ў законе не прапісана. Міліцыянт спачатку выказаў згоду, але потым бачна паправіўся, бо ўзгадаў пра атрыманы ім загад і вызначаныя ў ім канкрэтныя тэрміны для выкананьня …

Праваабаронца патлумачыў, што “абавязковасьць” нераўназначная “прымусовасьці”. Яна абавязкова павінна спалучацца з прынцыпам дабраахвотнасьці (як і адзначана ў законе) — мусіць даваць магчымасьць свабоднага выбару грамадзяніну (які не абвінавачваецца ў злачынстве) і атрыманьня магчымасьці дабраахвотнага й безтэрміновага праходжаньня гэтае даволі спрэчнае працэдуры. Законапаслухмяны грамадзяніні па нейкіх адвольных меркаваньнях ці падставах абмежаваньня права, адрозных ад сутнасьці арт. 23 Канстытуцыі і адпаведнага артыкулу Міжнароднага Пакта (МПГіПП), — ня можа быць пастаўлены ў падобныя абразьлівыя й дыскрымінацыйныя ўмовы, калі ня мае магчымасьці выйсьці з катэгорыі, якая па законе падлягае абавязковай дактыляскапіі. Гэта становіцца яшчэ больш зразумелым з улікам неад’емнага канстытуцынага права грамадзяніна на свабоду сумленьня, веравызнаньня й перкананьняў, права на асабістую недатыкальнасьць і свабоду ад дыскрымінацыі …

Сапраўды, палажэньні любога закону, падзаконнага акту, загаду начальства ня могуць супярэчыць ці ігнараваць правы кожнага грамадзяніна на свабоду сумленьня й веравызнаньня (арт. 31), на асабістую недатыкальнасьць (арт. 25) і права ня сьведчыць супраць самаго сябе (арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), што цалкам адпавядае міжнародным стандартам права, замацаваным як праўныя імпэратывы, абавязковыя для выкананьня любымі суб’ектамі права Беларусі. Больш за тое, арт. 31 уваходзіць у апісаньне арт. 63 Канстытуцыі ды, як і адпаведны арт.18 МПГіПП (Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах) ня можа быць абмежаваным ці адмененым нават ва ўмовах надзвычайных становішчаў у краіне.

Зыходзячы з таго, што артыкул 27 Канстытуцыі фактычна забараняе прымусовае атрыманьне ад грамадзяніна-сьведкі любых сьведчаньняў супраць яго самаго — абавязковае дактыляскапіяваньне ў тым выглядзе, у якім яно прадугледжанае законам і адпаведнай інструкцыяй №35 (якая прапісвае атрыманьне усіх адбіткаў пальцаў і нават далоняў) — утварае праўную калізыю, у якой павінны дзейнічаць нормы Канстытуцыі, а не закону ці ўзгаданай інструкцыі. Бо падобная тэрміновая й абавязковая, татальная па сутнасьці дактыляскапія, насамрэч, дае “карным па сутнасьці сваёй ворганам” (што ёсьць перакананьнем большасьці грамадзянаў і гучыць як сьведчаньне з вуснаў саміх міліцянтаў) — значна больш інфармацыі пра чалавека, чым патрабуе простая ідэнтыфікацыя асобы пры пэўных асбтавінах.

Падобнае, у сваю чаргу, супярэчыць мэтам і задачам дактыляскапіі, вызначаным у законе, а таксама — палажэньням Канстытуцыі. Аднак, абсалютна зразумела, што падобны падыход ёсьць недапушчальным у дачыненьні да законапаслухмяных грамадзянаў, якія не маюць статусу падазраваных ці абвінавачаных па нейкай крымінальнай справе. І іх можна разглядаць толькі як нейкіх сьведкаў — сьведкаў пра саміх сябе, пра сваю асобу, свае здольнасьці й прыхільнасьці й г. д. …, прачытваемыя па малюнках у дактыляскапіяваных адбітках пальцаў і далоняў.

Такая прыватная інфармацыя, у падобных умовах і наяўным статусе грамадзянаў, тым больш пры выказваемай імі правасьвядомасьці й перакананьнях — ня можа быць аб’ектам абавязковай і прымусовай перадачы ворганам міліцыі ў парушэньне арт. арт. 23; 25; 27; 31 а таксама арт. 63 Кантытуцыі.

“Такім чынам, безпадстаўная й безальтэрнатыўная абавязковасьць, да таго ж роўная прымусу да адмовы ад уласных перакананьняў, прымусу рабіць сьведчаньні пра самаго сябе ці супраць самаго сябе, па сутнасьці, ёсьць неправамернай, карнай працэдураю супраць ведаючых свае правы законапаслухмяных грамадзянаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці альбо любых іншадумцаў. Яна ня можа ўжывацца ў такім выглядзе ў дачыненьні да падобнай неабгрунтавана і абсалютна адвольна распашыранай катэгорыі грамадзянаў краіны,” — лічыцы Аляксей Лапіцкі.

— І гэта ўсё цалкам супярэчыць арт. 23 Канстытуцыі ці адпаведнай норме Пакту (МПГіПП) і не адказвае на пытаньні — дзеля якіх такіх законных і неабходных мэтаў, дазваляецца падобнае абмежаваньне канстытуцыйнага права грамадзяніна, які зусім не зьяўляецца злачынцам ці падазраваным у злачынстве …!?

Акрамя таго ворганы, якія нажаль, выконваюць сёньня больш карныя, чым праваахоўныя функцыі (што яскрава паказалі падзеі пасьля 19.12.2010) ды зьдзяйсьняюць палітычны перасьлед альбо рэпрэсыі ў краіне — ня могуць мець даверу ні ў палітыка, ні ў праваабаронцы й нават па такім простым пытаньні, як забесьпячэньне канфідэнцыйнасьці, патрабуемай у Законе “Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі”.

Напрыканцы Аляксей Лапіцкі нагадаў сьледчаму Жодзінскага ГАЎС, што жадае самавызначыцца й ужо тады праходзіць дактыляскапію ў безтэрміновым дабраахвотным парадку …

Ён адзначыў, што мае намер аспрэчваць адпаведную неправамерную практыку тэрміновай і абавязковай дактыляскапіі й адпаведныя палажэньні закону.

— Ніякі закон ня можа адмяніць маіх грамадзянскіх правоў, пералічаных і патлумачаных у адпаведных артыкулах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І ніхто ня мае права прымусіць мяне адмовіцца ад сваіх перакананьняў і асабістай недатыкальнасьці як грамадзяніна эўрапейскай краіны, у якой ёсьць свой найвышэйшы Асноўны Закон — Канстытуцыя, — падкрэсьліў праваабаронца.

Алесь Вольны,

Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Узята адсюль: http://prava-by.info/archives/5885